«Трэба проста паставіць задачу, дзесьці дапамагчы фінансава…» Качанава на «Мотавела» праверыла лакалізацыю вытворчасці
27 снежня 2022 у 1672130880
«Зеркало»
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 27 снежня чарговы раз наведала ТАА «МотаВелаЗавод» і правяла там нараду, паведамляе прэс-служба верхняй палаты парламента.
Яшчэ летам Лукашэнка запатрабаваў ад прадпрыемства лакалізаваць вытворчасць камплектавальнікаў для ровараў і матацыклаў. У лістападзе Качанава, якая кантралюе працэс, прыязджала на «Мотавела» і засталася вельмі незадаволеная тэмпамі работ.
Цяперашняя нарада на прадпрыемстве таксама была прысвечаная лакалізацыі вытворчасці. У ёй удзельнічалі і кіраўнікі іншых прадпрыемстваў, кіраўніцтва Мінска, чальцы ўрада.
«Разгледжаныя розныя варыянты лакалізацыі вытворчасці камплектавальнікаў у Беларусі на прыкладзе мадэляў матацыкла і ровара», - піша прэс-служба Савета Рэспублікі.
Аднак пра тое, ці ўдалося «Мотавела» выканаць даручэнне і давесці да канца года лакалізацыю да патрэбнага ўзроўню, у паведамленні не гаворыцца нічога. Паводле самой Качанавай, лакалізацыя беларускім прадпрыемствам пад сілу, але ім у гэтым «трэба дапамагчы».
- Беларусь захавала свой прамысловы патэнцыял. І сёння ў нас дастаткова шмат прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці, якія здольныя вырабляць нават самыя ўнікальныя дэталі і камплектавальнікі. Проста трэба паставіць перад імі задачу, дапамагчы дзесьці фінансава, у тым ліку за кошт сродкаў інавацыйных фондаў, - сказала чыноўніца.
Яна заявіла, што галіновыя міністэрствы і мясцовыя ўлады павінныя працаваць над развіццём кааперацыйных ланцужкоў паміж прадпрыемствамі. А падчас складання праграм па імпартазамяшчэнні трэба ўлічваць, што «нашых традыцыйных пастаўшчыкоў заўтра можа і не быць».
Як на «Мотавела» спрабуюць за кароткі час выпусціць беларускі матацыкл і ровар
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка падчас візіту 15 жніўня на «Мотавела» раскрытыкаваў праваленыя даручэнні па лакалізацыі вытворчасці. Акрамя таго, яму паказалі байк «беларускай вытворчасці», у якім, імаверна, не толькі ўсе дэталі аказаліся завезенымі, але нават дызайн не прайшоў праверку на імпартазамяшчэнне. У выніку сваю пасаду страціў дырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька.
Пазней сталічныя чыноўнікі прызналі: прадукцыю «Мотавела» нельга назваць беларускай.
31 жніўня Наталля Качанава правяла нараду на тэму «Мотавела». Яна заявіла, што прадпрыемства да 1 студзеня 2023 года мусіць паказаць, якая прадукцыя будзе выпускацца і якім будзе ўзровень лакалізацыі. З нарады апублікавалі некалькі здымкаў, у тым ліку з меркаванай схемай ровара беларускай вытворчасці.
Праз тыдзень Качанава далажыла Лукашэнку, што ўзровень лакалізацыі вытворчасці на «Мотавела» неўзабаве можа дасягнуць 80−90 працэнтаў. Паводле яе словаў, «калі ўсё складзецца паспяхова», то 18 прадпрыемстваў будуць выпускаць камплектавальнікі для зборкі матацыклаў, 12 прадпрыемстваў - для ровараў.