Найбліжэйшым часам прызначаць новага кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі
17 сакавiка 2024 у 1710704880
«Зеркало»
Новага кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі прызначаць пасля першага паседжання новаабранага парламента. Пра гэта ў эфіры «Беларусь 1» расказаў намеснік кіраўніка ведамства Максім Рыжанкоў.
Дзейны кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка раней стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Пастаўскай акрузе № 29. Як пісала «Наша Ніва», яго дадалі ў спіс кандыдатаў у апошні момант.
Паводле закона дзейны дэпутат не можа быць чальцом урада (кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі ўваходзіць у Савет Міністраў). Такім чынам, Сяргеенка пакіне сваю пасаду.
Максім Рыжанкоў пацвердзіў кадравую ракіроўку, удакладніўшы, што наступніка Сяргеенкі прызначаць пасля першага паседжання ППНС, калі дэпутаты афіцыйна прыступяць да выканання сваіх абавязкаў. Раней ЦВК паведамляў, што на першую сесію абноўлены парламент збярэцца 22 сакавіка.
- Не ў стылі нашага кіраўніка трымаць вельмі доўга вакансіі на такога кшталту рэчах, - падкрэсліў Рыжанкоў.
Паводле яго, новым кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі будзе «адказны чалавек, адданы краіне і прафесіянал сваёй справы».
Ігар Сяргеенка - выхадзец з КДБ. Таму пра яго маладыя гады вядома няшмат. Ён нарадзіўся 14 студзеня 1963 года ў вёсцы Сталіца Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці.
Адвучыўшыся на гістфаку, Сергеенка пайшоў у войска (1984−1986). Потым два гады прапрацаваў загадчыкам навучальна-метадычнага кабінета кафедры гісторыі КПСС і палітэканоміі Віцебскага медінстытута - вельмі сціплая пасада без асаблівых кар'ерных перспектываў. Таму нядзіўна, што калі Сяргеенка атрымаў прапанову перайсці на працу ў спецслужбы, то прыняў яе. Два гады (1988−1989) ён быў курсантам Вышэйшых курсаў КДБ СССР. А затым цягам дзевяностых і нулявых гадоў «служыў на розных пасадах у органах Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі». На якіх менавіта - невядома.
Паводле афіцыйнай біяграфіі, чыноўнік перайшоў на кіраўнічую працу ў 2010-м, стаўшы кіраўніком абласнога ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці, а ў красавіку 2013-га стаў першым намеснікам старшыні КДБ.
На пасаду кіраўніка сваёй Адміністрацыі Лукашэнка прызначыў Сяргеенку 6 снежня 2019 года.
Чытайце таксама