Нагадаем, у панядзелак, 22 красавіка, байцы палка Каліноўскага правялі агульны збор падраздзялення. На галасаванне вынеслі тры пытанні: адмену рашэння камандзіраў што да забароны балатавацца на выбарах у Каардынацыйную раду, выключэнне добраахвотніка з пазыўным Мікола, а таксама стварэнне групы па распрацоўцы Статута палка, згодна з якім будзе рэфармавацца яго дзейнасць. Кіраўніцтва палка Каліноўскага афіцыйна пракаментавала сітуацыю ў падраздзяленні.
У паведамленні палка гаворыцца, што сход 22 красавіка ініцыяваў камандзір палка Дзяніс Кіт Прохараў.
— Перш чым пракаментаваць вынікі сходу асабовага складу, данясём тэзісы, якія датычаць агульнага становішча палка ў складзе замежнага легіёна ГУР Міністэрства абароны Украіны. Першы. Беларусы, як грамадзяне замежнай дзяржавы, знаходзяцца ў складзе УСУ на падставе Закона «Пра вайсковую службу замежных грамадзян», — адзначаецца ў каментары. — Другі. Устанаўленне, змяненне або прыпыненне прававых адносін, а таксама вызваленне ад пасады і (або) звання любога вайскоўца афармляецца пісьмовым загадам камандзіра вайсковай часткі, да якой адносіцца полк імя Кастуся Каліноўскага разам з іншымі замежнымі падраздзяленнямі. Трэці. Унутранае кіраванне справамі палка ажыццяўляецца Радай камандзіраў палка, вылучаных асабовым складам баявых і іншых падраздзяленняў. Чацвёрты. Сход асабовага складу існуе як інструмент абмену думкамі і давядзення інфармацыі да асабовага складу.
Што да пазіцыі адносна ўдзелу добраахвотнікаў у палітычных і іншых аб’яднаннях і партыях. Тут Рада камандзіраў лічыць, што полк мусіць удзельнічаць у «агульнабеларускім дэмакратычным дыскурсе і ўзаемадзеянні з іншымі палітычнымі актарамі». Але з агаворкамі.
— Праз гэта палком імя Каліноўскага была ініцыяваная канферэнцыя і дыялогавая пляцоўка «Шлях да волі». Фармат пляцоўкі прадугледжвае ўзаемадзеянне з палітычнымі і грамадскімі групамі пры захаванні палком магчымасці не адыходзіць ад сваёй асноўнай, вайсковай працы, — гаворыцца ў каментары. — 18 красавіка 2024 года стала вядома, што шэраг байцоў вырашыў вылучыцца на выбары ў Каардынацыйную раду, не паведаміўшы пра гэта сваім камандзірам.
Як тлумачыць кіраўніцтва палка, на тэрміновай нарадзе Рады камандзіраў з гэтай нагоды аднагалосна было прынятае рашэнне, што полк Каліноўскага не ўдзельнічае ў выбарах трэцяга склікання Каардынацыйнай рады.
— У выпадку ўдзелу ў выбарах чальца ПКК — дазволіць з умовай паніжэння пасады да салдата або сыходу з палка. Большасцю галасоў (дзесяць супраць чатырох) быў прыняты другі варыянт — захаваць за байцамі магчымасць рэалізацыі ўласных палітычных інтарэсаў як фізічных асоб пры ўмове сыходу з палка Каліноўскага, — паведамляе кіраўніцтва.
Што да галасавання адносна выключэння добраахвотніка з пазыўным Мікола, то цяпер кіраўніцтва палка кансультуецца з украінскім бокам.
— Ніхто з байцоў ад сваёй пасады на гэты момант не вызвалены, — адзначаецца ў паведамленні. — Як бачым, палітыка не ўпершыню становіцца трыгерам праблем. Аднак Рада камандзіраў выразна ставіць прыярытэты: ва ўмовах ваеннага часу ў складзе УСУ полк імя Кастуся Каліноўскага мае сваёй місіяй перш за ўсё вызваленне тэрыторыі Беларусі ад дыктатарскага рэжыму і ўплыву Крамля. Гэта пытанне выжывання нацыі. Дыктатары не спыняцца, пакуль мы іх не спынім. Іх немагчыма задобрыць або дамовіцца ў рамках палітычных дэбатаў. Іх можна толькі перамагчы. І Лукашэнка баіцца толькі сілы і зброі. За два гады працы палка ён змяніў сваё стаўленне да беларускіх добраахвотнікаў з «няшчасных збеглых» да «небяспечных ворагаў». І гэта дзякуючы выразным прыярытэтам ваяроў і падтрымцы беларускага народа.
Нагадаем, у Каардынацыйную раду балатуецца 280 чалавек, выбарчая камісія Рады атрымала 13 спісаў. Сярод кандыдатаў — намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук са сваёй групай «Воля», якая складаецца з 20 чалавек.